A R C H E | П а ч а т а к | № 6 (29) – 2003 |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае |
|
|
|
||||
АЛЕГ ЛАТЫШОНАК | ||||||
|
Алег Латышонак
|
(нар. у 1957 у Эльблёнгу, Польшча) — беларускі гісторык. Працуе на катэдры беларускай культуры Беластоцкага ўнівэрсытэту. Ягоная апошняя кніга (у суаўтарстве зь Яўгенам Мірановічам) — «Гісторыя Беларусі ад сярэдзіны ХVІІІ да канца ХХ стагодзьдзя» (Беласток, 2002). Іншыя аспэкты “сутыкненьня цывілізацыяў” апісаў у сваім артыкуле «Belarusian Nationalism and the Clash of Civilizations» у прысьвечаным Беларусі выпуску амэрыканскага часопісу «International Journal of Sociology» (Fall 2001, Vol.31, No.3).
1 Асноўныя тэзы Гантынгтан падаў у 1993 годзе ў часопісе «Foreign Affairs». Артыкул выклікаў шырокую дыскусію. Глядзі: Samuel P.Huntington’s The clash of civilizations? The debate, Foreign Affairs, New York, 1996. У форме кніжкі праца выйшла ў сьвет у 1996 г. Я карыстаўся выданнем: Samuel P.Huntington, The Clash of Civilizations and the remaking of World Order, Touchstone Books, 1998. |
Затым Гантынгтан падзяляе чалавецтва на восем галоўных цывілізацыяў: кітайскую, японскую, ісламскую, індыйскую, заходнюю, праваслаўную, лацінаамэрыканскую і эвэнтуальна афрыканскую на поўдзень ад Сахары. Адносіны між гэтымі цывілізацыямі ён дэманструе на схеме «Глябальная палітыка. Узьнікаючыя хаўрусы»: Няцяжка заўважыць, што ажно чатыры з вышэйназваных цывілізацыяў вызнаюць адну вялікую рэлігію — хрысьціянства. Калі рэлігія мае быць тым, чым яна ёсьць для цывілізацыі паводле Гантынгтана, дык ні пра якія цывілізацыйныя разрывы між Захадам, Лацінскай Амэрыкай, праваслаўем і пратэстанцка-каталіцкай часткай Афрыкі (Гантынгтан яшчэ выдзяляе сярод меншых цывілізацыяў хрысьціянскую цывілізацыю Этыёпіі) гаварыць не выпадае. Эўрапейскія каталікі, пратэстанты і праваслаўныя, настолькі розныя з свайго гледзішча, з пункту гледжаньня Індыі проста эўрапейцы-хрысьціяне, а іхныя “сусьветныя” войны — усяго толькі эўрапейскія грамадзянскія войны. Калі рэлігія — гэта свайго роду цывілізацыйны код, дык няма ніякай падставы падзяляць хрысьціянства на асобныя цывілізацыі, бо ўва ўсіх хрысьціянаў адзін Бог і адзіная сыстэма вартасьцяў. У сувязі з гэтым схема глябальнай палітыкі і цывілізацыйных хаўрусаў Гантынгтана павінна выглядаць гэтак: Аказваецца, сьвет цывілізацыяў нашмат менш складаны, чым яго паказвае Гантынгтан. Пры тым прапанаваная вышэй схема адпавядае высновам Гантынгтана адносна будучага хаўрусу Захаду з Расеяй і Лацінскай Амэрыкай.
|
У схеме, аднак, сумнеўнай застаецца імавернасьць блёку Іслам — Кітай. Гэта працоўная гіпотэза аўтара і як такая аспрэчваньню не паддаецца. Хачу толькі зьвярнуць увагу на сутнасныя хібы аўтара адносна ісламска-кітайскага пытаньня, зьвязаныя зь ягонымі высновамі адносна расейскага блёку. У гэтым выпадку Гантынгтан двойчы парушыў усталяваныя самім сабою правілы “цывілізацыйнай гульні”. Па-першае, ён уключыў у склад праваслаўнай цывілізацыі аграмадныя абшары, населеныя мусульманамі: Паўночны Каўказ, Татарстан, Башкартастан і Казахстан. Як паказваюць палітычныя падзеі, мусульманскія народы ўключацца ў праваслаўную цывілізацыю ня думаюць. У выніку аўтар прызнае, што Расея мае “абгрунтаваныя інтарэсы што да бясьпекі ейных паўднёвых межаў”, але, згодна зь ягонай агульнай тэорыяй, Расея рэалізаваць гэтых інтарэсаў ня зможа. Па-другое, вялікі абшар, населены мусульманамі, — Усходні Туркестан (Сіньцзянь-Уйгурыю) — Гантынгтан паказаў як прыналежны да кітайскай цывілізацыі. Такім чынам, на карце і ўва ўяўленьні чытача ўзьнікае праваслаўна-кітайская мяжа ў некалькі тысяч кілямэтраў. На мой погляд, такое вялікае адступленьне Гантынгтана ад сваёй тэорыі ня можа вынікаць зь няведаньня. Як можна меркаваць, аўтар ахвяраваў прынцыпамі сваёй тэорыі дзеля акрэсьленай мэты — прамоцыі Расеі як патэнцыйнага хаўрусьніка Захаду ў прадвешчаным ім канфлікце з кітайска-ісламскім блёкам. У рэальнасьці ж з Кітаем мяжуе толькі славянская атока над Амурам і Ўсуры. Этнічна расейскую Расею аддзяляе ад Кітаю шырокі пояс ісламскіх і будыйскіх краінаў. Як мусульмане, так і будысты змагаюцца з Кітаем не на жыцьцё, а на сьмерць. Пра праваслаўных гэтага аніяк ня скажаш. Дарэчы, сам Гантынгтан паказвае адносіны Расея—Кітай як менш канфліктныя. Гантынгтан апрыёры закладае канфлікт Захаду з ісламам і Кітаем. Тым часам канфлікт ісламу з хрысьціянствам не вынікае з цывілізацыйных перадумоваў. Калі прымаць усур’ёз тэорыю Гантынгтана аб рэлігійнай аснове цывілізацыі, дык існуе блёк трох рэлігіяў: юдаізму, хрысьціянства і ісламу, якія выводзяцца з “рэлігіі Абрагама”. Мусульмане называюць гэты блёк “Народамі Кнігі”. Гантынгтан, як ні дзіўна, адмаўляе існаваньне асобнай юдэйскай цывілізацыі, хаця, калі ўжыць ягоную тэорыю, справа зь юдаізмам простая: ёсьць рэлігія — дык павінна быць і цывілізацыя, няхай сабе й малая. “Народам Кнігі” можна супрацьпаставіць іншы магчымы цывілізацыйны блёк. Ён намнога менш выразны, расплывісты, тым ня менш ягоны контур можна акрэсьліць: Кітай, Індыя, Японія, будызм. Гэты апошні і ёсьць злучвом між трыма першымі. Будызм — злучво, нашмат слабейшае за “рэлігію Абрагама”, таму Гантынгтан, які разглядае будызм як магчымае злучво згаданых цывілізацыяў, усё ж такі гэткай ягонай ролі не прызнае. Тым ня менш факт, што будызм, народжаны ў Індыі, заваяваў трывалыя пазыцыі ў Кітаі ды Японіі, можа паказваць на існаваньне нейкай слабой, але рэальнай цывілізацыйнай супольнасьці. Пры тым будызм у нашыя дні вяртаецца ў Індыю як рэлігія, якую маглі б прыняць за сваю індускія парыі. Дзеля гэтага рэлігійны сьвет цывілізацыяў можна паказаць і так: У гэтым сьвеце, нягледзячы на крывавыя канфлікты ўнутры блёкаў, асноўная частка энэргіі павінна накіроўвацца вонкі, супраць цывілізацыяў другога блёку. Паказваючы сьвет цывілізацыяў, Гантынгтан робіць яшчэ адну памылку, важнейшую за ўсе іншыя. Дэфінуючы Захад як заходняе хрысьціянства, ён недаацэньвае праблему дэхрысьціянізацыі Захаду. Гантынгтан бачыць, што заходняя цывілізацыя ў Эўропе можа быць падарваная ў выніку аслабленьня хрысьціянства. Тым ня менш хрысьціянскія ідэалы, вартасьці і звычаі надалей, на яго думку, пранікаюць у эўрапейскую цывілізацыю. Гантынгтан тут прыводзіць прыклад нерэлігійнай Швэцыі, у якой грамадзтва сфармавалася дзякуючы лютэранскай спадчыне. (З гэтага гледзішча самаакрэсьленьне Аляксандра Лукашэнкі як “праваслаўнага атэіста” само зь сябе несупярэчнае.) У Амэрыцы Гантынгтан бачыць адраджэньне рэлігіі. Аднак, хаця падобнае тлумачэньне яшчэ зусім нядаўна адпавядала праўдзе, сёньня яно ёй ужо не адпавядае. Заходні хрысьціянскі атэізм эвалюцыянаваў у шматаблічны антыхрысьціянізм. Гантынгтан, відаць, гэта адчувае, называючы Эўропу і англасаксонскія краіны Захадам, а не заходнім хрысьціянствам. Ставячы кропкі над «і», варта было б прызнаць, што Захад у вялікай ступені не-хрысьціянства, а можа, нават і не-цывілізацыя. Як не-цывілізацыя, Захад супрацьстаіць усім абапёртым на рэлігіі цывілізацыям, уключна з заходнім хрысьціянствам. З гэтага вынікае, што асноўны цывілізацыйны канфлікт пралягае ўсё ж такі ўнутры Захаду (да тэракту 11 верасьня 2001 году самы крывавы антыдзяржаўны тэракт у Амэрыцы быў зьдзейсьнены амэрыканцам-хрысьціянінам). Калі справа стаіць так, дык перамога Гантынгтана ў спрэчцы з Фукуямам была абвешчаная заўчасна.
|
Тэракт 11 верасьня 2001 году, які фатальным чынам паспрыяў пашырэньню паглядаў Гантынгтана, можна тлумачыць ня толькі канфліктам рэлігійных цывілізацыяў. Ёсьць даволі добра падмацаваная думка, што, хутчэй за ўсё, гэта была праява арабскага нацыяналізму. Усе тэрарысты былі арабамі і атакавалі Амэрыку перш за ўсё не за ейнае хрысьціянства і не за падтрымку Ізраілю, а за разьмяшчэньне амэрыканскіх войскаў ля Мэккі й Мэдыны, якія і для арабаў, і для мусульманаў больш сьвятыя за Ерусалім. У кожным выпадку, скрадзеныя самалёты былі накіраваныя на дзяржаўныя, вайсковыя і фінансавыя аб’екты, а не на хрысьціянскія храмы («World Trade Center» можна лічыць толькі храмам Мамоны). Калі б «Аль Каіда» хацела абвясьціць вайну хрысьціянскаму Захаду, дык накіравала б самалёт у сабор Сьвятога Пятра ў Рыме, бо гэта найвядомейшы сымбаль заходняга хрысьціянства. Перайду цяпер да разгляду панятку “праваслаўная цывілізацыя”, бо да гэткай цывілізацыі Гантынгтан беззасьцярожна далучае і Беларусь. Паводле яго, “некаторыя вучоныя вылучаюць праваслаўную цывілізацыю, цэнтар якой — Расея. Ад заходняга хрысьціянства яе адрозьнівае бізантыйскае паходжаньне, адмысловая літургічная практыка, 200 гадоў татарскага панаваньня, бюракратычны дэспатызм і абмежаваны кантакт з Рэнэсансам, Рэфармацыяй, Асьветніцтвам ды іншымі зьявамі, надзвычай важнымі для Захаду”. Хаця ў дэфініцыі відаць пэўная тонкасьць (“некаторыя вучоныя” — дык ня ўсе і нават ня большасьць), у далейшым Гантынгтан карыстаецца паняткам “праваслаўная цывілізацыя” як цэпам. Расея для яго — цэнтар праваслаўнай цывілізацыі, адпаведны разам узятым Францыі і Нямеччыне на эўрапейскім Захадзе. У расейскі блёк Гантынгтан уключае ў першую чаргу Беларусь, Малдову і Арменію, а таксама Казахстан. Слабей зьвязанымі ён лічыць Грузію і Ўкраіну, у балканска-міжземнаморскай зоне як блізкіх хаўрусьнікаў Расеі пералічвае Баўгарыю, Грэцыю, Сэрбію й Кіпр, слабей зьвязанай лічыць Румынію. У расейскі блёк Гантынгтан уключае таксама буфэр у выглядзе адносна слабых, на яго думку, мусульманскіх рэспублік Цэнтральнай Азіі. Гантынгтан уважае, што інтарэсы Захаду і Расеі — наноў вызначыць узаемны расклад сілаў, узгодніць абодвума бакамі асноўны балянс і зоны ўплываў. Асновы гэткага дагавору ён вылучае ў наступных пунктах: “1. Прыняцьце Расеяй узбуйненьня Эўразьвязу і NАТО заходнехрысьціянскімі дзяржавамі Ўсходняй і Заходняй Эўропы, а таксама забавязаньне Захадам не пашыраць NАТO на ўсход, пакуль Украіна не распадзецца на дзьве дзяржавы (sic!). 2. Дамова пра партнэрства паміж Расеяй і NАТO аб ненападзе, рэгулярных кансультацыях у пытаньнях бясьпекі, узаемных намаганьнях пазьбягаць гонкі ўзбраеньняў; падпісаньне ўзаемавыгаднага пагадненьня аб кантролі ўзбраеньняў, якое адпавядала б патрэбам бясьпекі абодвух бакоў пасьля заканчэньня халоднай вайны. 3. Прызнаньне Захадам факту таго, што перш за ўсё Расея адказвае за ўтрыманьне бясьпекі ў праваслаўных краінах і на абшарах зь перавагай праваслаўя. 4. Дапамога Захадам Расеі ў вырашэньні наяўных і магчымых праблемаў бясьпекі на яе поўдні, а таксама ў абароне ад мусульманскіх народаў (...). 5. Узаемадзеяньне Расеі і Захаду на роўных у гэткіх пытаньнях, як праблема Босьніі, якія закранаюць як заходнія, так і праваслаўныя інтарэсы”. Надта ж дбайна гэты Гантынгтан адстойвае інтарэсы Расеі! Столькі тут “узаемнасьцяў”, ажно перакладаць цяжка. Праект гэткі можна падсумаваць адным словам: новая Ялта.
|
Расею Гантынгтан залічае да г.зв. краінаў на раздарожжы, або “разарваных” (torn countries). Жыхары гэтых краінаў, паводле яго, сыходзяцца ў тым, хто яны, але ім не стае аднадумства наконт таго, якую цывілізацыю яны павінны лічыць сваёй. Расея знаходзіцца на раздарожжы з часоў Пятра І. Яе жыхары разыходзяцца ў думцы наконт таго, ці іхная краіна — частка заходняй цывілізацыі, ці цэнтар асобнай цывілізацыі. У сувязі з гэтым, калі Расея пяройдзе ў кола заходняй цывілізацыі, праваслаўная цывілізацыя перастане існаваць. Гантынгтан як быццам не заўважае, што Расея належыць да краінаў, акрэсьленых ім як “расшчэпленыя” (cleft countries), нават калі забыцца пра мільёны мусульманаў і ўлічваць толькі этнічна расейскую Расею. За фасадам афіцыйнага праваслаўя растуць нэапратэстанцкія грамады. Паводле Гантынгтана, “у грамадзтвах, якія хутка мадэрнізуюцца і ў якіх традыцыйная рэлігія няздольная адаптавацца да патрэбаў мадэрнізацыі, існуе магчымасьць пашырэньня заходняга хрысьціянства й ісламу. У гэткіх грамадзтвах найбольш пасьпяховыя носьбіты заходняй культуры — гэта не нэаклясычныя эканамісты, змагарныя дэмакраты ці мэнэджэры зь міжнародных карпарацыяў. Найчасьцей гэта хрысьціянскія місіянэры”. Расея, як і ўся постсавецкая прастора, — гэта поле дзейнасьці нэапратэстанцкіх місіянэраў, падобнае да Лацінскай Амэрыкі. Гантынгтан, які шмат піша ў гэтым кантэксьце пра Лацінскую Амэрыку, Азію й Афрыку, постсавецкую прастору пакідае ў гэтым выпадку па-за ўвагай. Аб прарасейскасьці Гантынгтана, апрача адвольнасьці, зь якой ён трактуе сваю ўласную тэорыю ў дачыненьні да Расеі, красамоўна сьведчыць незвычайна сур’ёзнае ўжываньне гэтай тэорыі адносна Ўкраіны. Паводле яго, Украіне пагражае распад на праваслаўны Ўсход і каталіцкі Захад. Выглядае, ён ня ведае аб тым, што палова заходніх украінцаў — праваслаўныя валынцы. Толькі разгледзеўшы ўсе магчымыя катастрофы, якія неўзабаве (прайшло дзесяць гадоў, і ніводная ня зьдзейсьнілася) чакаюць Украіну, Гантынгтан згаджаецца з Джонам Морысанам, што адносіны між Расеяй і Ўкраінай для Ўсходняй Эўропы тое самае, што для Заходняй — адносіны між Нямеччынай і Францыяй. Узгадаем, што раней аўтар сьцьвярджаў, што Расея сама адыгрывае для праваслаўнай цывілізацыі ролю Францыі і Нямеччыны разам узятых. Такім чынам, маем дачыненьні з чарговай непасьлядоўнасьцю аўтара, гэтым разам вартай пахвалы: урэшце прызнаюцца рэаліі — хрысьціянскі Ўсход мае сама менш два цэнтры. Варта тут нагадаць і пра тое, што ўва Ўкраіне больш праваслаўных прыходаў, чым у Расеі. Калі ўкраінскія праваслаўныя цэрквы аб’яднаюцца ў адну, гэтая царква будзе найвялікшай праваслаўнай царквой у сьвеце. Дадам яшчэ, што Расея ніколі не выконвала ролі цывілізацыйнага цэнтру для праваслаўных краінаў балканска-міжземнаморскай зоны. Падпарадкаваць Расеі гэтую зону ня здолеў нават Сталін, пагатоў ніхто ня зробіць гэтага цяпер. Такім чынам, вылучаючы палітычны расейскі блёк як асобную цывілізацыю і паказваючы спосабы яго далучэньня да Захаду, Гантынгтан практыкуе нешта добра памятнае з часоў камунізму: зь вялікай натугай пераадольвае цяжкасьці, якія сам стварыў.
|
Хаця Гантынгтан лічыць Беларусь адназначна прыналежнай да праваслаўнай цывілізацыі, празь яе тэрыторыю ён праводзіць лінію разрыву (foult line) між заходнім і ўсходнім хрысьціянствам. Тым ня менш Беларусь сапраўды належыць да расшчэпленых краінаў, бо на яе тэрыторыі існуе абшар, дзе пераважае заходняе хрысьціянства — каталіцызм, а ў наш час даўнія пазыцыі стаў адваёўваць пратэстантызм. Канфэсійнае расшчапленьне народу здаўна было праблемай для фармаваньня беларускай нацыі. Дзеля гэтага яе браліся аб’яднаць праз пратэстантызм (першы вядомы гісторыі чалавек, які сам сябе назваў беларусам, Салямон Рысінскі, быў пратэстантам), уніяцтва ці атэізм. Жыцьцяздольнасьць беларускага нацыяналізму, якому больш за два стагодзьдзі чужыя палітыкі ды заходнія і ўсходнія вучоныя вяшчуюць хуткі скон, праўдападобна, вынікае ня толькі з любові да роднай мовы й культуры, але й з патрэбы чыньніка, які аб’яднае канфэсійна разрозьненае грамадзтва. Увага, якую сусьветная публіка прысьвяціла працы Гантынгтана, поўнасьцю заслужаная. Гэтая кніжка надзвычай важная і проста вельмі цікавая. Тым ня менш у канкрэтным выпадку г.зв. праваслаўнай цывілізацыі абсалютная адвольнасьць, зь якой аўтар трактуе сваю тэорыю ў адносінах да Расеі, прымушае падазраваць, што прынамсі пэўныя фрагмэнты працы Гантынгтана ня маюць нічога супольнага з прыпісванай Гантынгтану спрэчкай з тэзай Фукуямы. Гэта хутчэй за ўсё палітычны трактат супраць канцэпыяў Зьбігнева Бжазінскага, хаця сам ён у кніжцы адкрыта не называецца. Гантынгтан, відавочна, ня мае нічога супраць таго, каб Беларусь была часткай Расеі, аднак беларускае грамадзтва ніяк ня ўпісваецца ў ягоную дэфініцыю праваслаўнай цывілізацыі. Такая дэфініцыя перадае выключна расейскую традыцыю, і нікому ў Беларусі тлумачыць гэтага не трэба. Сьцьверджаньне Гантынгтана, што “ў 1995 г. Беларусь, калі не зважаць на назоў, была практычна часткай Расеі”, — гэта толькі выяўленьне палітычнай волі аўтара, што супярэчыць ягонай уласнай тэорыі. |
Пачатак Навіны Форум Пошук Аўтары Цалкам Іншае | ||||
№ 6 (29) – 2003 |
|
Рэдаkцыя:
analityka@yahoo.com
Майстраваньне [mk] |